У Маскве падвялі вынікі Міжнароднага конкурсу лепшых
педагагічных праектаў у галіне рускай мовы. На п’едэстал гонару ўзняліся
беларускія педагогі.
Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Федэральнае агенцтва па справах СНД,
суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным
супрацоўніцтве. Да ўдзелу запрашаюцца выкладчыкі рускай мовы, літаратуры,
гісторыі, краязнаўства, геаграфіі і настаўнікі адукацыйных арганізацый і
прафесійных асацыяцый выкладчыкаў дзяржаў — удзельніц СНД, якія ажыццяўляюць
адукацыйную дзейнасць поўнасцю або часткова на рускай мове. Спаборніцтва
праводзіцца па наступных намінацыях: “Руская мова як замежная”, “Руская
літаратура як замежная”, “Пазааўдыторнае мерапрыемства”.
Конкурс праходзіў у два этапы. На першым, завочным, этапе праводзілася
экспертыза дакументаў удзельнікаў конкурсу і фарміраванне шорт-ліста
педагагічных праектаў. Другі этап прадугледжваў публічную абарону праектаў. Па
выніках гэтых выпрабаванняў былі вызначаны пераможцы.
Удзел у інтэлектуальным спаборніцтве бралі прадстаўнікі
Расіі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы,
Таджыкістана, Узбекістана, Украіны. Беларусь на конкурсе прадстаўлялі
выкладчыкі рускай мовы і літаратуры з розных гарадоў і вёсак. Адразу тры
беларускія настаўнікі атрымалі найвышэйшую ўзнагароду — дыпломы I ступені. Гэта
Таццяна Львоўна Амбрушкевіч, настаўніца гімназіі Асіповіч Магілёўскай вобласці,
Іна Рычардаўна Віннік, педагог Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна
Мінскай вобласці, і Таццяна Віктараўна Котава, прадстаўніца гімназіі № 8 імя
В.І.Казлова Жлобіна Гомельскай вобласці.
Конкурсная работа Т.Л.Амбрушкевіч — метадычная распрацоўка
ўрока “Пра што “Бацькі і дзеці”. Урок накіраваны на развіццё эмацыянальна-каштоўнаснага
свету асобы праз суперажыванне, спачуванне героям, пагружае ў атмасферу
нараджэння думкі, праяўлення пачуццяў. І.Р.Віннік на суд журы прапанавала
мерапрыемства “Педагагічная майстэрня каштоўнасных арыентацый “Квіток у горад
дзяцінства”. Майстэрня можа быць выкарыстана для выхавання патрыятызму і
актыўнай жыццёвай пазіцыі не толькі філолагамі, але і класнымі кіраўнікамі,
выхавальнікамі летняга лагера. Т.В.Котава прадставіла на конкурсе ўрок па тэме
“Двайная роля літар е, ё, ю, я”, які закліканы не толькі садзейнічаць
актуалізацыі ведаў вучняў 5 класа, але і мае значны выхаваўчы патэнцыял:
фарміруе ў вучняў уяўленне аб выратавальнай сіле дабра і разбуральнай сіле зла.
Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны Жанна Яўгенаўна
Елізарава, педагог гімназіі Кобрына Брэсцкай вобласці, і Ганна Аляксандраўна
Шыкунова, якая працуе ў гімназіі № 1 Магілёва. Лепшыя педагагічныя праекты
будуць прадстаўлены на старонках выпуску міжнароднага зборніка.
Беларускія настаўнікі ў чарговы раз прадэманстравалі найвышэйшы
ўзровень прафесіяналізму, інавацыйныя падыходы ў выкладанні прадметаў,
валоданне дасягненнямі сучаснай метадычнай навукі. Жадаем ім далейшага плённага
пошуку ў галіне педагагічных інавацый!