суббота, 30 сентября 2017 г.

С днём учителя!

С праздником, дорогие коллеги!
 

На п’едэстал гонару ўзняліся беларускія педагогі!



У Маскве падвялі вынікі Міжнароднага конкурсу лепшых педагагічных праектаў у галіне рускай мовы. На п’едэстал гонару ўзняліся беларускія педагогі.
Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве. Да ўдзелу запрашаюцца выкладчыкі рускай мовы, літаратуры, гісторыі, краязнаўства, геаграфіі і настаўнікі адукацыйных арганізацый і прафесійных асацыяцый выкладчыкаў дзяржаў — удзельніц СНД, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць поўнасцю або часткова на рускай мове. Спаборніцтва праводзіцца па наступных намінацыях: “Руская мова як замежная”, “Руская літаратура як замежная”, “Пазааўдыторнае мерапрыемства”.
Конкурс праходзіў у два этапы. На першым, завочным, этапе праводзілася экспертыза дакументаў удзельнікаў конкурсу і фарміраванне шорт-ліста педагагічных праектаў. Другі этап прадугледжваў публічную абарону праектаў. Па выніках гэтых выпрабаванняў былі вызначаны пераможцы.
Удзел у інтэлектуальным спаборніцтве бралі прадстаўнікі Расіі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны. Беларусь на конкурсе прадстаўлялі выкладчыкі рускай мовы і літаратуры з розных гарадоў і вёсак. Адразу тры беларускія настаўнікі атрымалі найвышэйшую ўзнагароду — дыпломы I ступені. Гэта Таццяна Львоўна Амбрушкевіч, настаўніца гімназіі Асіповіч Магілёўскай вобласці, Іна Рычардаўна Віннік, педагог Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, і Таццяна Віктараўна Котава, прадстаўніца гімназіі № 8 імя В.І.Казлова Жлобіна Гомельскай вобласці.
Конкурсная работа Т.Л.Амбрушкевіч — метадычная распрацоўка ўрока “Пра што “Бацькі і дзеці”. Урок накіраваны на развіццё эмацыянальна-каштоўнаснага свету асобы праз суперажыванне, спачуванне героям, пагружае ў атмасферу нараджэння думкі, праяўлення пачуццяў. І.Р.Віннік на суд журы прапанавала мерапрыемства “Педагагічная майстэрня каштоўнасных арыентацый “Квіток у горад дзяцінства”. Майстэрня можа быць выкарыстана для выхавання патрыятызму і актыўнай жыццёвай пазіцыі не толькі філолагамі, але і класнымі кіраўнікамі, выхавальнікамі летняга лагера. Т.В.Котава прадставіла на конкурсе ўрок па тэме “Двайная роля літар е, ё, ю, я”, які закліканы не толькі садзейнічаць актуалізацыі ведаў вучняў 5 класа, але і мае значны выхаваўчы патэнцыял: фарміруе ў вучняў уяўленне аб выратавальнай сіле дабра і разбуральнай сіле зла.
Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны Жанна Яўгенаўна Елізарава, педагог гімназіі Кобрына Брэсцкай вобласці, і Ганна Аляксандраўна Шыкунова, якая працуе ў гімназіі № 1 Магілёва. Лепшыя педагагічныя праекты будуць прадстаўлены на старонках выпуску міжнароднага зборніка.
Беларускія настаўнікі ў чарговы раз прадэманстравалі найвышэйшы ўзровень прафесіяналізму, інавацыйныя падыходы ў выкладанні прадметаў, валоданне дасягненнямі сучаснай метадычнай навукі. Жадаем ім далейшага плённага пошуку ў галіне педагагічных інавацый!